АСВЕ́ЙСКАЯ ГРАДА́,

на крайняй Пн Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Усх. адгалінаванне Латгальскага ўзвышша. Працягнулася ўздоўж паўд. берага Асвейскага воз. на 35 км ад даліны р. Сар’янка на З да воз. Белае на У. Шырыня грады 5—10 км. З Пд прымыкае Полацкая нізіна. Асвейская града сфарміравалася ў час Браслаўскага стадыялу паазерскага зледзянення як канцовамарэнная града, якая служыла падпрудай стараж. прыледавіковага возера. Мае форму асіметрычнага вала выш. 30—35 м. Абс. вышыні вагаюцца ад 130 м над узр. м. на Асвейскім воз. да 192 м каля в. Гарадзілавічы. Да Асвейскага воз. абрываецца стромкім схілам з тэрасамі, якія ўзніклі пры спуску прыледавіковага вадаёма. Складаецца з марэнных супескаў і суглінкаў. Гал. рэкі: Сар’янка і Ужыца — прытокі Зах. Дзвіны, Свольна — прыток Дрысы. Глебы дзярнова-падзолістыя; захаваліся ўчасткі хваёвых лясоў, хмызнякоў, сухадольных лугоў.

В.П.Якушка.

т. 2, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)